Міжнароднае супрацоўніцтва

З самага пачатку свайго існавання музей развівае кантакты і супрацоўніцтва з эмігрантамі з Навагрудчыны розных нацыянальнасцей. Гэтыя сувязі вырашаюць два пытанні, важныя для абодвух бакоў. З аднаго боку гэта – вяртанне нашай страчанай спадчыны ў выглядзе успамінаў (дзве перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў Беларусі кнігі) і розных матэрыялаў, якія ўзбагачаюць музейную экспазіцыю і зборы. З другога боку наша павага і цікавасць да гісторыі, культуры і лёсаў людзей розных нацыянальнасцей, якія спрычыніліся да развіцця Навагрудчыны, служаць асновай адносін з эмігрантамі і іх нашчадкамі, якія цэняць свае карані, вывучаюць гісторыю сваіх продкаў і з павагай ставяцца да зямлі сваіх продкаў, што вельмі важна для іміджа горада і развіцця узаемаадносін сёння.
Музей развівае супрацоўніцтва з музеямі і навукова-асветніцкімі установамі па-за межамі Беларусі па сваёй тэматыцы. У чэрвені 2008 г. падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве паміж Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеем і Музеем Рамантызма у Опіногуры, РП. У рамках дагавора, заключанага на пяць гадоў, праведзена выстава з фондаў музея ў Польшчы, супрацоўнікі абодвух музеяў прынялі ўдзел у канферэнцыях і іншых арганізаваных імі мерапрыемствах. У перспектыве на бліжэйшыя два гады – сумеснае правядзенне 4-х пленэраў мастакоў Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны, адзін з якіх пройдзе ў Навагрудку.
Другі год музей супрацоўнічае з Музеем Халакоста ў Флорыдзе, ЗША. На аснове заключанага дагавора музейныя прадметы з фондаў Навагрудскага музея ўдзельнічаюць у выставе Флорыдскага Музея Халакоста, якая ў дадзены момант вандруе па іншых музеях краіны.
З 2003 г. музей супрацоўнічае з Расійскім навукова-асветніцкім цэнтрам “Халакост” (г. Масква), Лонданскім Яўрэйскім культурным Цэнтрам і Рэспубліканскім Фондам “Халакост” (г. Мінск) у арганізацыі канферэнцый і семінараў для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ Беларусі па тэме Халакоста. Усяго праведзена 6 канферэнцый і семінараў. Усе ўдзельнікі семінараў пазнаёміліся з экспазіцыямі музея, што служыць падставай для зацікаўленасці прывозіць у Навагрудак сваіх вучняў.
Супрацоўніцтва з замежнымі музеямі і ўстановамі прынесла вядомасць Навагрудскаму музею за межамі Беларусі і ацэнку яго дзейнасці як навукова-даследчай і асветніцкай установы.

Для развіцця музейна-камунікацыйнай палітыкі музеем прадугледжваецца:
- вывучэнне запатрабаванняў грамадскасці і распрацоўка адпаведных музейных праграм;
- распрацоўка і ажыццяўленне музейна-педагагічных праграм;
- арганізацыя і правядзенне гістарычных і краязнаўчых канферэнцый;
- рэгулярнае абнаўленне сайтаў музея;
- больш актыўнае выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі для анонсу мерапрыемстваў і рэкламы дзейнасці музея;
- развіццё міжнародных сувязей і супрацоўніцтва з музеямі і навкова-асветніцкімі установамі