Музей і грамадства Развіццё музейна-камунікатыўнай палітыкі

Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей штогод наведвае ў сярэднім 10 000 чалавек. Супрацоўнікі музея (у штаце – два навуковыя супрацоўнікі і галоўны захавальнік фондаў) праводзяць каля 400 экскурсій.

З агульнай колькасці наведвальнікаў 62% складаюць школьнікі, навучэнцы, студэнты. Штогод музей наведвае прыкладна 600 чалавек з іншых краін свету – Рэспублікі Польшча, Германіі, Ізраіля, Літвы, Расіі і інш.
Экскурсіі ў музеі праводзяцца на 5 мовах: беларускай, рускай, нямецкай, польскай і англійскай, што вельмі пазітыўна ўспрымаецца замежнымі наведвальнікамі. У Музеі Яўрэйскага Супраціўлення тэксты і анатацыі да выставы зроблены на беларускай і англійскай мовах. Адпаведна плануецца замяніць тэксты і анатацыі ў асноўнай экспазіцыі, што дазволіць замежным наведвальнікам самастойна знаёміцца з экспазіцыяй.

Музей супрацоўнічае з беларускімі турыстычнымі фірмамі, займаецца распрацоўкай турыстычных маршрутаў па Навагрудчыне, плануе супрацоўніцтва ў гэтым накірунку з праваслаўнай епархіей.

Для школьнікаў агульнаадукацыйных школ г. Навагрудка музей прапануе музейныя заняткі па розных тэмах з улікам узросту. На перспектыву ставіцца задача актывізацыі музейнай педагогікі і стварэння некалькіх праграм з адпаведнымі цыкламі музейных заняткаў.

У 2009 г. музей пачаў новую акцыю “Музей у валізцы”, мэта якой дайсці з музейнымі прадметамі ў школы і навучальныя ўстановы горада і тым самым зацікавіць людзей прыйсці ў музей.

Штогод супрацоўнікі музея распрацоўваюць новыя лекцыі з актуальнай тэматыкай. Так, напрыклад, да 70-годдзя уз’яднання Беларусі была распрацавана лекцыя “Успрыняцце жыхарамі Навагрудчыны падзей 1939 г.”. Музей з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам круглых сталоў на актуальныя тэмы, як, напрыклад: “Трагедыя пачатковага перыяду вайны”, “Урокі 1939”, у якіх актыўна і з цікавасцю ўдзельнічаюць людзі розных узростаў і прафесій.

“Сустрэчы ў музеі”, якія праводзяца на рэгулярнай аснове на працягу апошніх двух гадоў прыцягваюць у музей цікавых людзей, як вядомых у Беларусі, так і простых гараджан, ад моладзі да ветэранаў. Яны даюць рэдкую на сённяшні дзень магчымасць не толькі даведацца пра іншых цікавых людзей, але і расказаць пра сябе, магчымасць камунікацыі на падставе агульных інтарэсаў.