Cваякі Яна Булгака на Навагрудчыне

У маі 2016 года Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей наведаў унук Яна Булгака, Богдан Булгак, які жыве ў Варшаве.У гэтым годзе спаўняецца 140 год з дня нараджэння яго знакамітага дзеда, фотамастака, ураджэнца Навагрудчыны, Яна Булгака. Святкаванне юбілею адбудзецца ў верасні, у нашым музеі. Разам з Богданам Булгакам у Навагрудак прыехала Іаана Пухальская, род якой паходзіць з Чамброва (Валеўка).
Ян Булгак нарадзіўся 6 (18) кастрычніка 1876 года ў невялікай сядзібе Асташын на Навагрудчыне. Яго бацькі належалі да сярэднезаможнай шляхецкай сям’і, валодалі маёнткам Асташын.
У 11 гадоў Ян Булгак паступіў ў Віленскую класічную гімназію. Закончыў яе ў 1897 годзе і паступіў на філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Вельмі хутка фінансавыя праблемы вымусілі яго вярнуцца на радзіму і ён абасноўваецца ў маленькім жывапісным дворыку Пярэсека пад Мінскам.
Ян Булгак пачаў займацца фатаграфіяй амаль выпадкова, калі яго жонка атрымала ў падарунак на дзень нараджэння фотаапарат. Фатаграфія захапіла яго, і ён з усёй палымянасцю зрабіў яе справай свайго жыцця, дасягнуў вышынь сапраўднага мастацтва, стаў прызнаным майстрам святла і ценю. У аб’ектыў фатографа трапляла тое, што хвалявала і цікавіла Яна Булгака як асобу – яго зямля, яе прыродны і архітэктурны ланшафт, двары і сядзібы, тое “бясцэннае дабро, што праходзіць міма незаўважаным”, а на самай справе стварае і акрэслівае атмасферу краю.
Вельмі хутка фатаграфія стала часткай жыцця Булгака. У Пярэсецы ён залажыў фоталабараторыю.
Пераломным момантам ў жыцці Яна Булгака было знаёмства ў 1910 годзе ў Вільні са знакамітым мастаком Фердзінандам Рушчыцам, які натхніў Яна Булгака на заняткі мастацкай фатаграфіяй. У 1912 годзе ён адчыняе ў Вільні фотаатэлье, а затым, адчуваючы сваю прафесійную недасканаласць, на некалькі месяцаў ад’язжае ў Дрэздан да аднаго з найлепшых майстроў нямецкай фатаграфіі Хуга Эрфурта. Тут ён знаёміцца не толькі з дасягненнямі ў галіне фатаграфіі, але і з новымі накірункамі фотамастацтва.
Вярнуўшыся ў Вільню, Ян Булгак пачынае актыўна працаваць. Ужо ў 1912 годзе, па просьбе Віленскай гарадской управы, Булгак пачаў інвентарызацыю найбольш цікавых аб’ектаў Віленскай архітэктуры, сярод якіх старыя, забытыя касцёлы і манастыры. Гэта былі і агульныя выгляды будынкаў і дэталі архітэктуры: вокны, брамы, фрагменты карнізаў. Гатовыя здымкі змяшчаў у архіўных альбомах.
У1929-1931гг. рабіў інвентарызацыйныя здымкі ў ваколіцах Вільні, руіны замкаў у Крэве і Медніках, а таксама навакольных сядзіб.
У 1919 годзе майстар узначаліў фоталабараторыю мастацкай фатаграфіі на факультэце прыгожых мастацтваў ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя.
У 1926-1927 гг. стварыў Віленскі фотаклуб – арганізаваў сустрэчу самых знакамітых фатографаў. У канцы 20-х гг. увёў новы тэрмін “фота-графіка”. Свае погляды на мастацтва фатаграфіі Ян Булгак выказаў у працах “Фотаграфіка. Нарыс мастацкай фатаграфіі” (1931), “Тэхніка брому” (1935), “Эстэтыка святла. Прынцыпы фотаграфікі” (1936) і інш.
У 1931-36 гг. выдаў цыкл з 9 сшыткаў пад агульнай назвай “Вандроўкі фатографа”, дзе змясціў не толькі інфармацыю па фатаграфаванню, але і апісанню прыроды, помнікаў архітэктуры і мастацтва.
Свае фотаздымкі публікаваў у форме альбомаў, а таксама ў выглядзе паштовак.
Другая сустветная вайна значна абмежавала дзейнасць Яна Булгака. А “10 ліпеня 1944 года згарэў дом №3 па вуліцы Ажэшка, дзе мы жылі 11 гадоў, згарэў дом з 6-ці пакояў, а ў ім мой фотаархіў, гэта былі негатывы і альбомы дзесяці тысяч работ “Польшча ў вобразах фатаграфічных”, вялікая бібліятэка, збор лістоў, выразак, рукапісаў, знікла ўсё дашчэнту, над чым працаваў і што назбіраў на працягу 40 гадоў, ператварылася ўсё ў попел: мае фотадасягненні і літаратурныя спробы”. (Ян Булгак “Мая біяграфія”).
Пасля вайны фатограф жыў у Варшаве. Астатнія гады свайго жыцця здымаў адноўленую Варшаву і тое што ўцалела ад старога горада. Памёр Ян Булгак у 1950 годзе. Пахаваны ў Варшаве.
Акрамя мноства фотаздымкаў Ян Булгак пакінуў нам свае цудоўныя мемуары. Але любоў заўсёды патрабуе большага. Максімальна выкарыстаўшы магчымасці фотаапарата, Ян Булгак адчуваў, што гэтага недастаткова.
Яго пачуццё і ўспрыняцце сваёй зямлі значна большыя, глыбейшыя і мацнейшыя, чым гэта даступна аб’ектыву.
Ва ўмовах вайны прага хоць ва ўспамінах вярнуць адчуванне шчасця, перажытае ў дзяцінстве на Навагрудчыне, становіцца выратаваннем. Ён пачынае пісаць, так нараджаецца “Край дзіцячых гадоў”. Унутраная свабода і шчырасць робяць мемуары настолькі жывымі і кранальнымі, што вобразы, створаныя словамі, дапаўняюцца фарбамі і пахамі, не адпускаюць і выклікаюць у чытача свае ўласныя асацыяцыі і ўспаміны, прымушаюць аналізаваць і параўноўваць, рабіць ацэнкі і высновы, расстаўляць прыярытэты сярод чалавечых каштоўнасцей на карысць вельмі простых, але важных рэчаў, якія не заўважаюцца з-за іх паўсядзённасці, як “не відаць паветра, калі яно чыстае і нічым не ўзрушана”.
“Край дзіцячых гадоў” расказвае аб жыцці шляхецкага двара сярэдняй рукі на Навагрудчыне, стварае найбольш поўную карціну гаспадаркі і сельскага ўкладу жыцця. Тут ёсць апісанне самых знакамітых сядзібаў у ваколіцах Навагрудка, Міра, Баранавіч, Свяцязі, а таксама каларытных цікавых асобаў. Ян Булгак стварае вобразы, выкарыстоўваючы мастацкае слова з дакладнасцю фотамайстра. Гэта прызнанне ў любві, гэта гімн Навагрудчыне.

454