Сустрэча "Край дзіцячых гадоў Яна Булгака" (да 140-годдзя з дня нараджэння)

4 лістапада 2016 г. ва ўтульнай сяброўскай атмасферы адбылася сустрэча, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння фотамайстра Яна Булгака. Сустрэча была арганізавана Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеем і Навагрудскай раённай бібліятэкай.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі Богдан Булгак, унук фотамайстра, і Іанна Пухальская, сваячка Яна Булгака, пісьменніца, даследчыца гісторыі сем'яў Булгакаў і Карповічаў.
Ярашук М.В., дырэктар музея, пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства са старонкамі біяграфіі Яна Булгака, яго творамі, зробленымі на Навагрудчыне. Царук І.М., дырэктар бібліятэкі, распавяла аб разнастайнай літаратуры, прысвечанай жыццю і творчасці Яна Булгака, што захоўваецца ў фондах бібліятэкі.
Кавальчук Г.Т., старшы навуковы супрацоўнік музея, правяла прэзентацыю выставы "Навагрудак 1920-х гг. на фотаздымках Яна Булгака", падчас якой распавяла аб гісторыі будынкаў, зафіксаваных на здымках. Удзельнікі сустрэчы змаглі параўнаць выгляд архітэктурных помнікаў у 1920-х гг. і ў цяперашні час і актыўна ўключыліся ў абмеркаванне пытанняў размяшчэння пэўных аб'ектаў, прыводзілі цікавыя факты з уласных успамінаў.
Пані Іанна Пухальская прадэманстравала ўнікальныя фотаздымкі і копіі дакументаў з сямейнага архіва, цудам уратаванага падчас пажару Чамброва (былы маёнтак Карповічаў каля Валеўкі) у 1943 г. Пані Іанна таксама распавяла аб сваіх продках Узлоўскіх і Карповічах, сваяцкіх сувязях з Булгакамі, якія распачаліся яшчэ ў другой паловы ХІХ ст.
Пан Богдан Булгак падзяліўся ўспамінамі аб сваім знакамітым дзядулі, аб сваіх уражаннях, калі яму, яшчэ 5-гадоваму хлопчыку дзядуля дазволіў прысутнічаць пры праяўленні і вырабе фотаздымкаў. Пан Богдан таксама прадэманстраваў фотаздымкі сваёй бабулі Ганны Булгак з роду Хаціскіх, свайго бацькі Януша. На фотаздымках быццам прыўзнімаецца заслона часу і можна пабачыць моманты сямейнага жыцця: сямейныя святы, забавы або, напрыклад, навучанне вясковых хлопцаў музыцы, якім кіраваў Януш Булгак, бацька Богдана.
Асобная частка сустрэчы была прысвечана сямейным успамінам, дэманстрацыі фотаздымкаў аб такой выдатнай падзеі, як здымкі фільма "Пан Тадэвуш" у Чамброве ў 1928 г. Пані Іанна і пан Богдан распавялі гісторыю пошукаў фрагментаў фільма і яго ўзнаўлення, бо доўгі час меркавалася, што фільм загінуў падчас ІІ сусветнай вайны. У гэтым фільме ўвекавечаны сваякі пані Іанны і пана Богдана, жыхары маёнтка Чамброў, якія ў фільме атрымалі невялікія, але запамінальныя ролі, а таксама -- розныя куточкі Чамброва: сад, дом, гаспадарчыя пабудовы, дзе разгортваюцца падзеі фільма.
Лепш зразумець атмасферу міжваеннага Навагрудка, сталіцы ваяводства, калі польская мова была звыклай з'явай, дапамаглі інсцэніроўкі верша Ю. Тувіма "Запознены салавей" і балады А. Міцкевіча "Пані Твардоўская", выдатна падрыхтаваныя навучэнцамі гуртка польскай мовы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Навагрудка пад кіраўніцтвам Талочка М.В.
Рэальнае ўвасабленне аповядаў пані Іанны і пана Богдана аб сваіх сем'ях і аб Чамброве ўдзельнікі змаглі пабачыць падчас прагляду фільма "Пан Тадэвуш" 1928 г.

507