Выстава жывапісу Віктара Залаціліна "Бераг майго жыцця"

18 мая 2017 года ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы жывапісу Віктара Залаціліна "Бераг майго жыцця".

Мастак Віктар Залацілін нарадзіўся 23 сакавіка 1955 года ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. У 1971 годзе скончыў базавую Купіскую школу, а ў 1973 годзе – Любчанскую сярэднюю. Па адукацыі географ і эканаміст. Закончыў геафак БДУ і Інстытут народнай гаспадаркі, працаваў намеснікам вучэбнага цэнтра пры камітэце па сельгастэхніцы. З 1992 па 1998 займаўся прадпрымальніцтвам. Некаторы час настаўнічаў у роднай школе. Пад яго кіраўніцтвам школа займала першыя месцы ў конкурсах па маляванню, атрымоўвала дыпломы. Пасля закрыцця Купіскай школы, Віктар вярнуўся ў Мінск.

Творчы шлях мастака пачаўся яшчэ ў школе, работы перамагалі на конкурсах. Аднак на доўгі час сувязь з мастацтвам была перарваная. Плённы перыяд творчасці пачаўся пасля пераасэнсавання таго, што жывапіс для яго не проста захапленне, а сэнс усяго жыцця. У сорак гадоў Віктар прыняў рашэнне пакінуць вялікі горад і назаўсёды вярнуцца на сваю малую радзіму ў Купіск, заняцца жывапісам.

Мастак не мае майстэрні, свае пейзажы стварае ў бацькоўскай хаце. У першую чаргу, яго цікавіць беларускі пейзаж. Кожны дзень мастак крочыць у поле, на луг, да ракі, дзе робіць розныя замалёўкі, эскізы. І толькі тады, дома, нараджаюцца сапраўдныя творы ў якіх аўтар, нібы паэт, апявае прыгажосць сваёй бацькаўшчыны. Прырода для Віктара Залаціліна – гэта храм, які можа лекаваць душу чалавека, а бераг яго жыцця – родны Купіск.

496