“Трагедыя Халакосту на Навагрудчыне” да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста


25 студзеня 2018 г.

у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства

“Трагедыя Халакосту на Навагрудчыне”

да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста. На мерапрыемства завіталі вучні сярэдняй школы № 1 і № 3, мясцовыя жыхары.

Ярашук М.В., дырэктар музея, пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення тэрміна “Халакост”, распавяла аб палітыцы і практыцы вынішчэння, якая прымянялася нацысцкай Германіяй у адносінах да яўрэяў Еўропы. Нават праз больш чым 70 год цяжка і жудасна сабе ўявіць механізмы, што прымянялі нацысты (канцлагеры, газавыя камеры, крэматорыі) для знішчэння яўрэяў, галоўнай віной якіх было тое, што яны нарадзіліся яўрэямі.

З мэтай захавання памяці і ўшанавання пакутаў амаль 6 млн. яўрэяў, загінуўшых у Еўропе, быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН 1 лістапада 2005 г. Датай было прызначана 27 студзеня, бо менавіта ў гэты дзень савецкімі войскамі былі вызвалены вязні канцлагеру Асвенцым (поўдзень Польшчы).

Кавальчук Г.Т., старшы навуковы супрацоўнік музея, распавяла аб жыцці яўрэйскай абшчыны ў міжваенны перыяд, прадставіла фотаздымкі Яна Булгака таго перыяду. На фотаздымках выразна відаць плошча, гандлёвыя рады, сінагога, галоўныя аб’екты, вакол якіх канцэнтравалася штодзённае традыцыйнае жыццё яўрэяў. Кадры з фільма “Навагрудак 1931 г.” выдатна праілюстравалі аповяд. Аднак такое адносна стабільнае, наладжанае жыццё было незваротна перарвана Вялікай Айчыннай вайной і Халакостам, што распачалі нацысты актыўна рэалізоўваць і на Навагрудчыне. У масавых акцыях знішчэння загінулі каля 11 тыс. яўрэяў Навагрудка і ваколіц.

Кавальчук С.М., навуковы супрацоўнік, распавяла аб простых жыхарах Навагрудчыны: паляках, беларусах, якія бескарысна дапамагалі яўрэям. Не засталіся ў баку і, рызыкуючы сваім жыццё і жыццём сваёй сям’і, выратоўвалі яўрэяў. 26 асобаў з Навагрудка і ваколіц атрымалі ганаровае званне “Праведнік народаў свету” ад Яд Вашэма – Музея памяці ахвяр і герояў Катастрофы еўрапейскага яўрэйства. Аднак справа працягваецца, на сённяшні момант вядомы асобы з Навагрудчыны, якія выратоўвалі яўрэяў, аднак пакуль што не маюць такога звання. Імёны прызнаных і непрызнаных праведнікаў сімвалічна ўвекавечаны ў выглядзе невялікіх дрэўцаў, якія пасаджаны паблізу экспазіцыі “Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку” на тэрыторыі сельскагаспадарчага ліцэя і носяць назву Сад Справядлівасці і Міласэрнасці.

Ярашук М.В. звярнула ўвагу, што музей працягвае працаваць, выконваючы такую неабходную працу па захаванню і ўвекавечванню памяці Халакоста. У экспазіцыі “Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку” супрацоўнікі знаёмяць наведвальнікаў з лёсамі вязняў гета, унікальным пабегам праз падземны тунэль і змаганні ў яўрэйскім партызанскім атрадзе братоў Бельскіх.

Наладжваюцца сувязі таксама з нашчадкамі выжыўшых вязняў гета і выратаваўшыхся ў партызанскім атрадзе. Ініцыятыўныя людзі са ўсяго свету падтрымліваюць музей. Так у 2017 г. музей папоўніўся кнігамі, што распавядаюць аб даваенным жыцці яўрэяў, лёсах асобных людзей і аб супраціўленні ў часы Халакосту: Памятная кніга Навагрудка, успаміны Паўлы Бюргер, Міры Шэлюб і Фрэда Разэнбаума, сямейны фотаальбом Джанэт Джосэ (на ангельскай мове), Пітэр Дафі “Браты Бельскія” (на ангельскай і рускай мовах). Гэтыя і іншыя кнігі, якія распавядаюць аб даваенным жыцці яўрэяў і Халакосце ў Беларусі і на Навагрудчыне, прадстаўлены на кніжнай выставе. Таксама падчас мерапрыемства дэманстраваўся ўнікальны экспанат – фотаздымак яўрэйскіх партызан з арыгінальным подпісам Арона Бельскага, малодшага з братоў Бельскіх. Музей атрымаў дадзены подпіс у якасці ахвяравання ад Гары Крыгеля, грамадзяніна ЗША, выхадца з Беларусі.





®