Запрашаем набыць у нашым музеі кнігу Тамары Вяршыцкай “Боль і Гнеў. Халакост і Супраціўленне ў Навагрудку”.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя” у 2019 г. Аўтар – Тамара Вяршыцкая, стваральнік экспазіцыі “Музей Яўрэйскага Супраціўлення” на тэрыторыі былога гета ў Навагрудку.
У кнізе коратка прадстаўлена даваенная гісторыя навагрудскай яўрэйскай абшчыны, яе роля ў жыцці і развіцці горада. Навагрудак, які быў ваяводскім цэнтрам да 1939 года, па колькасці насельніцтва можна аднесці хутчэй да штэтла, чым да горада. Аднак, ён вылучаўся выключна добрай арганізацыяй яўрэйскай абшчыны. Гэта стала адной з умоў паспяховага супраціўлення яўрэяў Навагрудка ў гады нацысцкай акупацыі.
Дзякуючы супраціўленню з шасцітысячнай яўрэйскай абшчыны ацалела 10%, г.зн. каля 600 чалавек. Пабег апошніх 232 вязняў навагрудскага гета праз тунэль і партызанскі атрад братоў Бельскіх стварылі адметную старонку ў гісторыі Халакоста на тэрыторыі акупіраванай нацыстамі Еўропы. У кнізе цытуюцца сведчанні ўдзельнікаў легендарных уцёкаў праз тунэль. Гісторыя стварэння і дзейнасці партызанскага атрада пад камандаваннем Тувіі Бельскага дазваляе зразумець усю складанасць сітуацыі, у якой апынуліся яўрэі. Вайну супраць камуністаў суправаджала палітыка знішчэння цэлага народа.
Нацысцкаму акупацыйнаму рэжыму і Халакосту ў Навагрудку прысвечаны асобныя раздзелы кнігі, прыводзяцца ўрыўкі з дзённіка Беньяміна Берковіча, вязня навагрудскага гета.
Забыць перажытую трагедыю немагчыма, але тыя, хто застаўся ў жывых, знайшлі ў сабе сілы пабудаваць жыццё занава. Завяшчанне будучым пакаленням Арона Бэла, малодшага з братоў Бельскіх, Джэка Кагана, які стаў ганаровым грамадзянінам Навагрудскага раёна за ўклад у захаванне памяці аб трагедыі і гераізме навагрудскіх яўрэяў, гісторыя сям’і Кушнераў, дзякуючы якой у Музеі Яўрэйскага Супраціўлення пабудавана Сцяна Памяці – гэта сведчанні таго, што Халакост пакуль яшчэ жывая гісторыя.
Завяршае кнігу кароткае апісанне турыстычнага маршрута з Навагрудка ў Налібоцкую пушчу, дзе знаходзіўся лагер Бельскіх, які жыхары навакольных вёсак назвалі Лясным Іерусалімам. Партызанскія шляхі вядуць праз Чарэшлю і Любчу на Красную Горку, дзе каля 600 яўрэяў перажылі карную аперацыю “Герман”, да возера Кромань і Кляцішча, у Налібакі і Івянец.
Кнігу можна набыць па адрасе: г. Навагрудак, вул. Гродзенская, 2. Даведкі па тэлефоне: 2-14-70.