26.01.2020 г. у Нью-Ёрку ў Музеі Яўрэйскай спадчыны прайшла сустрэча нашчадкаў партызан атрада Бельскага

Нью Ёрк, 26 студзеня 2020 г.
На сустрэчу нашчадкаў партызан атрада Бельскага ў Музей Яўрэйскай Спадчыны на Манхэтэне сабралася больш за 80 чалавек. Гледзячы на гэтых цалкам розных людзей, ажыўлена размаўляючых адзін з адным, хаця многія сустрэліся ўпершыню, было лёгка ўявіць Лясны Іерусалім – яўрэйскі партызанскі лагер у Налібоцкай пушчы, дзе ў 1943-44 гг. таксама кіпела жыццё. Фрыдберг, Кушнер, Рэзнік, Віленскі, Лейбовіч, Бярковіч, Ізраэліт, Ёселевіч, Скакун, Кагановіч, Калачык – гэтыя і многія іншыя прозвішчы гучалі на гэтай сустрэчы.
Яны сабраліся з розных гарадоў ЗША па запрашэнні Музея Яўрэйскага Супраціўлення ў Навагрудку. На сустрэчу таксама прыехалі дзеці і ўнукі Тувіі і Зуся Бельскіх, малодшы з братоў Арон Бэл з жонкай, дачкой і праўнукам, дачкі Іегуды Бельскага і Тайбы Бельскай-Дзянцёльскай.
Усе ўдзельнікі сустрэчы-нашчадкі яўрэяў з г. Навагрудка і наваколля, якія выжылі падчас Халакоста. Большасць з іх аб'ядноўвае гісторыя ўнікальнага яўрэйскага партызанскага атрада, арганізаванага братамі Бельскімі падчас Другой сусветнай вайны з мэтай уцалець самім і выратаваць іншых яўрэяў. Дзякуючы ім больш за тысячу чалавек перажылі вайну ў беларускіх лясах.
Дзеці і ўнукі партызан сабраліся, каб абмеркаваць ідэю стварэння мемарыяла на месцы стаянкі атрада Бельскага ў Налібоцкай пушчы, дзе ў ліпені 2019 г. пабывалі больш за сто нашчадкаў партызан з розных краін свету. Яны прыехалі ў Навагрудак у дзень 75-годдзя вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, каб адсвяткаваць перамогу сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, перамогу жыцця над смерцю і аддаць даніну мужнасці і гераізму тых беларусаў і палякаў, якія дапамаглі ім уцалець у страшныя гады вайны.
Праз шмат гадоў гісторыя партызан атрада Бельскага працягвае натхняць. Арыэл Лакі і яго брат, пабываўшы ў пушчы за Нёманам падчас свайго прыезду ў Любчу і ўразіўшыся самой гісторыяй і лесам, у якім дзейнічалі партызаны, злажылі музыку. На сустрэчы Арыэл сыграў мелодыю, якая дзіўным чынам перанесла прысутных у Беларускі штэтл і лагер Бельскіх.
Навагрудак і Беларусь для ўсіх гэтых людзей не пустыя словы. Тут іх карані. Яны хочуць прыязджаць сюды і прывозіць сваіх дзяцей і ўнукаў. У відэа Шарон Рэнэрт, унучкі Тувіі Бельскага, пра ліпеньскую сустрэчу ў Наваградку і ў пушчы, падрыхтаваным спецыяльна для сустрэчы ў Нью Ёрку, ёсць момант, калі яны з Мэтам, унукам Зуся Бельскага, усталёўваюць мезузу на дрэве ў партызанскім лагеры. Гэты лес быў домам для яўрэйскіх партызан, і яны - трэцяе пакаленне - таксама адчувалі сябе тут як дома.
Усім, у каго ёсць жаданне і магчымасць падтрымаць ідэю стварэння мемарыяла на месцы стаянкі атрада Бельскага ў Налібоцкай пушчы з тым, каб захаваць гэтую ўнікальную гісторыю звычайнай мужнасці звычайных людзей, прапануем звяртацца да Тамары Вяршыцкай, куратара Музея Яўрэйскага Супраціўлення ў Навагрудку, e-mail: Wtamar@mail.ru або ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей, дырэктар Ганна Туровіч, e-mail: ukngkm@mail.ru
Вашы ідэі і фінансавая падтрымка будуць прынятыя з удзячнасцю.

689