Вуліцы горада! Частка 1. Вуліца Гродзенская.

Добры дзень, сябры! Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей пачынае новую рубрыку “Вуліцы горада”. Сёння запрашаем прайсціся па вуліцы Гродзенскай.

Вуліца Гродзенская пачынаецца з заходняга кутка цэнтральнай плошчы Навагрудка і пасля крутога спуску з гары працягваецца да раёна, які ў горадзе называецца “Мітраполь”. Сваю назву вуліца атрымала ад напрамка дарогі, якая вядзе на Гродна.

Хутчэй за ўсё вуліца пачала забудоўвацца яшчэ ў ХІV ст. На працягу стагоддзяў яе назвы часта мяняліся. У ХVIII ст. яна была Францысканскай, на плане горада 1834 года – Бернардзінскай, а ў 1872 годзе гэта ўжо Гродзенская вуліца. Затым, пры Польшчы, у 1930-я гг.вуліца была названа ў гонар навагрудскага ваяводы Зыгмунда Бечковіча. У 1946 годзе зноў стала Гродзенскай.

На вуліцы, побач з плошчаю, знаходзіцца двухпавярховы мураваны будынак, у якім размяшчаецца экспазіцыя Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея. Пабудаваны ён у 1935 годзе ў стылі эклектыкі на месцы аднапавярховага мураванага дома з мансардай.

Адразу за музеем – праваслаўная царква. Яе архітэктура нагадвае турыстам, што некалі тут быў каталіцкі храм. Драўляны касцёл Св. Антонія быў пабудаваны ў 1434 годзе, а ў 1780 годзе, на яго месцы, у стылі позняга барока, узведзены мураваны будынак. У 1839 годзе касцёл св. Антонія быў зачынены і да 1846 года пераабсталяваны пад праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар Св.Мікалая. Побач з царквой размяшчаецца будынак былога кляштара францысканаў.

Насупраць царквы, на пляцы, які раней належаў кляштару дамініканскага жаночага ордэна, знаходзіцца трохпавярховы жылы будынак. Ён быў пабудаваны альбо перабудаваны паміж 1920-1931 гадамі і ўзгадваецца ў дакументах як земская павятовая ўправа. А побач, на былых дамініканскіх мурах кляштара і касцёла Дзевы Марыі зараз знаходзяцца адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі навагрудскага вінзавода.

Непадалёку ад былога кляштара францысканаў, у 2007 годзе быў устаноўлены помнік Прападобнаму Елісею, заснавальніку старажытнага Лаўрышаўскага манастыра.

А затым пачынаецца спуск з гары, і ў самым яго пачатку стаіць двухпавярховы жылы будынак з чырвонай цэглы, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя як жылы “даходны” дом. Далей забудова вуліцы становіцца драўлянай. Невысокія домікі, хаатычна размешчаныя з абапал вуліцы, сярод якіх сустракаюцца будынкі, узведзеныя яшчэ ў даваенны перыяд. Адзін з іх, двухпавярховы дом, які мае тры драўляныя і адну глухую (ад бліжэйшых суседзяў) цагляную сцяну. Такія дамы называліся “брандмауэры”, і іх каменныя сцены ўзводзіліся ў супрацьпажарных мэтах, каб у выпадку пажару дом не быў пашкоджаны.

1073