Страчаная спадчына Навагрудчыны. Частка 8. Наваградскі палац Радзівілаў

Сябры,

А ці ведаеце, што раней знаходзілася на месцы, дзе зараз стаіць бюст таварыша Леніна? А раней на гэтым месцы ўзвышаўся палац, не будзе памылкова сказаць, самага знакамітага, уплывовага і заможнага роду Радзівілаў. Уяўляеце, у нашым правінцыйным Наваградку і палац тых самых Радзівілаў!

Палац Радзівілаў — колішні гарадскі палац на Рыначнай плошчы ў Навагрудку. Да Другой Сусветнай вайны знаходзіўся па адрасе Рынак, 1.

Палац Радзівілаў быў пабудаваны ў ХVІІІ ст. на пляцы, які яшчэ ў ХVІ ст. належаў роду Радзівілаў. Гэта быў двухпавярховы каменны будынак. У першай палове ХІХ ст. меў характэрныя рысы класіцызму.

Калі пагрузіцца трохі глыбей у гісторыю, дык упершыню навагрудскі палац Радзівілаў упамінаецца ў «Дзённіку» Міхаіла Казіміра Рыбанькі Радзівіла, напісаным ім у перыяд паміж 1719-1761 гадамі. У «Дзённіку» Міхаіл Казімір піша, што ў час сваіх падарожжаў не раз прыпыняўся ў наваградскім палацы.

Па некаторых звестках, палац Радзівілаў быў пабудаваны Каралем Радзівілам (той, што Пане Каханку) у першай палове ХVІІ ст., а затым у 1759 г. перабудаваны.

У хуткім часе будынак палаца быў канфіскаваны ў Радзівілаў за даўгі і на працягу ХІХ і пачатку ХХ стст. знаходзіўся ў складзе дзяржаўнай маёмасці. У гэты перыяд будынак часткова выкарыстоўваўся пад патрэбы дзяржаўных устаноў, а частка памяшканняў здавалася ў арэнду: там былі абсталяваны пакоі пад крамы. Самі ж крамы былі мураваныя, мелі «печы з цэглы, коміны «навылёт», вокны са шкла».

З палацам Радзівілаў у Навагрудку звязаны ўспаміны пра падзеі вайны 1812 года. У тыя часы палац Радзівілаў належаў купцу Фішару (выкупіў у 1810 годзе). Летам 1812 года ў гэтым будынку падчас свайго ваеннага паходу прыпыняўся кароль Вестфальскі Геранім Банапарт, брат Напалеона Банапарта. Па ўспамінах відавочцаў, спачатку кароль размясціўся ў двары Міцкевічаў, але каралеўскай свіце было мала месца ў такім невялічкім будынку. А яшчэ там не было ванны, у якой, як кажа легенда (а мо і не легенда), любіў купацца ў французскім віне брат Напалеона. У гонар Гераніма быў падрыхтаваны ўрачысты абед на 300 асоб. Цікава тое, што пасля заканчэння абеду, кароль загадаў запакаваць усе сталовыя прыборы з срэбра і фарфоравы посуд з палаца Радзівілаў на вазы і вывезці з Навагрудка.

Пры Польшчы, у 1920-30-я гады, у былым палацы Радзівілаў размяшчалася Навагрудская павятовая адміністрацыя – староства. З тылу будынка знаходзілася друкарня, а на другім паверсе – паўшэхная (пачатковая) школа імя Пірамовіча (да 1939 года).

Палац Радзівілаў быў самым прыгожым будынкам, якія знаходзіўся на плошчы Наваградка да 1941 года. У час бамбёжкі Навагрудка 28 чэрвеня 1941 г. быў разбураны, а пасля разабраны.

За многія рамонты і перабудовы, якія адбываліся на працягу яго існавання, воблік будынка быў зменены. Да нашага часу дайшлі выявы палаца, зафіксаваныя на паштоўках і фотаздымках пачатку і сярэдзіны ХХ ст., а таксама на макеце, які экспануецца ў Музеі пад адкрытым небам па вуліцы Міцкевіча ў Навагрудку.

186