Найбольш цікавыя музейныя прадметы. Частка 10. Графічныя лісты

У зале «Міжваенны перыяд на Навагрудчыне» ёсць шмат цікавых экспанатаў. Асаблівую цікавасць выклікае частка экспазіцыі, прысвечаная тэме адукацыі на Навагрудчыне. Штосьці ўжо добра вывучана, штосьці яшчэ знаходзіцца ў стадыі даследавання.

Сталася так, што ў гэтай частцы экспазіцыі вісяць побач два цікавыя графічныя лісты – графіка настаўніка і ягонага вучня. Мастак – гэта Язэп Драздовіч, які ў перыяд з 1927–1929 гг. выкладаў маляванне ў Наваградскай Беларускай гімназіі. Вучань, а таксама чалавек, які перадаў экспанаты ў музей – Раман Сцяпанавіч Лецка, вучань Навагрудскай Беларускай гімназіі.

Наведвальнікі маюць унікальную магчымасць убачыць арыгінальны графічны ліст (1926 г.) Язэпа Драздовіча, а менавіта выяву капліцы ў в.Качановічы, што на Піншчыне. На жаль, сама капліца не захавалася. Язэп Драздовіч падараваў свой малюнак свайму вучню – Раману Сцяпанавічу.

А побач з малюнкам Драздовіча вісіць іншы графічны ліст – «Язэп Драздовіч – мастак, настаўнік», аўтарам якога і быў Р.С.Лецка.

Пабачыць гэтыя творы мастацтва, а таксама іншыя, вы можаце ў нашым музеі!

899