Установа культуры «Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей»
Музей заснаваны ў 1987 г., экспазіцыя адкрыта з 1992 г. у 9 залах прадстаўлена гісторыя і культура горада і рэгіёна ў перыяд з X да сярэдзіны XX ст.: Навагрудак як галоўны горад беларускага Панямоння, цэнтр аб'яднання беларускіх і літоўскіх зямель у Вялікае Княства Літоўскае і яго першая сталіца, месца каранацыі князя Міндоўга; гісторыя габрэйскай і татарскай абшчын Навагрудка, праваслаўных і каталіцкіх храмаў, сінагогі і мячэці; славутыя навагрудчане, якія ўнеслі значны ўклад у навуку і культуру Беларусі, Еўропы і ўсяго свету; этнаграфія, а таксама Навагрудчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На асобнай пляцоўцы ў 2007 г. створана экспазіцыя «Музей яўрэйскага супраціву на Навагрудчыне ў гады Халакоста». Гэта адзіны музей у Беларусі, створаны на месцы былога гета, у якім прадстаўлена гісторыя самага паспяховага ў акупаванай нацыстамі Еўропе ўцёкаў праз тунель, збудаваны вязнямі, а таксама гісторыя габрэйскага партызанскага атрада Бельскага. Музей праводзіць канферэнцыі па гісторыі Навагрудчыны і тэме Халакоста, ажыццяўляе праект «Крытычны разгляд гісторыі праз дыялог пакаленняў „Раскажы мне сваё жыццё“». Штогод музей наведвае звыш за 9 тысяч чалавек. Агульная колькасць адзінак захоўвання больш за 20 тысяч. Асаблівую каштоўнасць маюць асабістыя архівы сусветна вядомага вучонага ў галіне астранаўтыкі Б.Кіта і мастака В. Сташчанюка, скарб бронзавых бранзалетаў з раскопак гарадзішча VIII — X стст. на гары Радагошча. Праводзяцца музейныя заняткі, тэматычныя экскурсіі і лекцыі.