Аб музеі

Гісторыя стварэння

Так сталася, што адзін з самых важных у гісторыі Беларусі гарадоў – Навагрудак – не меў музея аж да таго часу, пакуль Беларусь не стала незалежнай. Аднак, яшчэ да яго стварэння гісторыяй горада цікавіліся многія, збіралі матэрыяльныя сведчанні мінулага. Да ўзнікнення музея прычыніліся мясцовыя краязнаўцы Раман Лецка, Таццяна Царук, Барыс Бесараб, а таксама навукоўцы – ураджэнцы Навагрудчыны – Вячаслаў Чамярыцкі, Мікола Нікалаеў, Міхаіл Касцюк. Узнікла ініцыятыўная група, і гарадскі камітэт КПБ прыняў рашэнне аб стварэнні музея,які быў заснаваны 25 жніўня 1987 г. Адказнай за збор музейных прадметаў была прызначана Ніна Пятроўна Шурак – супрацоўніца ідэалагічнага аддзела гаркама партыі. Ад заснавання музея да адкрыцця экспазіцыі прайшло 5 гадоў. У гэты час Беларусь атрымала незалежнасць, і экспазіцыя новага музея стваралася на хвалі растучай цікавасці да ўласнай гісторыі. У час адкрыцця вытокаў дзяржаўнасці музей стаў цэнтрам даследавання і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны Навагрудчыны як цэнтра ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.


Экспазіцыя

З 12 верасня 1992 г. дзейнічае музейная экспазіцыя, у якой на 350 м2 прадстаўлена гісторыя і культура Навагрудчыны ад узнікнення горада да сярэдзіны ХХ ст. Зборы налічваюць каля 22 000 прадметаў музейнага значэння, у тым ліку 14 калекцый.

exposition

Музейная экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю узнікнення горада і Наваградскага замка. У сярэдзіне ХІІІ ст. Навагародак стаў месцам каранацыі князя Міндоўга (Міндава) на каралеўства Літовія і цэнтрам аб’яднання зямель, на якіх пазней утварылася Вялікае княства Літоўскае. Высокі ўзровень эканамічнага развіцця горада і развіццё гандлёвых сувязей дэманструюць матэрыялы археалагічных раскопкаў, якія праводзіліся ў Навагрудку ленінградскімі археолагамі пад кіраўніцтвам Ф.Д. Гурэвіч на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў у другой палове ХХ ст., і інстытутам гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Т. Бубенька ў канцы ХХ - пачатку ХХІ ст.ст.

exposition

У часы першай Рэчы Паспалітай Навагрудак адыгрываў значную ролю як месца правядзення сеймаў і сесій Галоўнага Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага княства Літоўскага. Горад меў Магдэбургскае права і з’яўляўся цэнтрам ваяводства. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінал выдання матэрыялаў трыбунальскіх сесій з другой паловы ХVІІІ ст., варыянты гербаў горада ў розныя часы.

З 1921 г. па верасень 1939 г. горад зноў стаў ваяводскім цэнтрам у другой Рэчы Паспалітай і перажыў эканамічны і сацыяльна-палітычны ўздым. У той жа час гэта быў тыповы штэтл, дзе большасць насельніцтва складалі яўрэі.

Праз усю музейную экспазіцыю робіцца акцэнт на шматкультурны і поліканфесійны характар рэгіёна, дзе на працягу стагоддзяў побач з беларусамі жылі татары, палякі і яўрэі, і бесканфліктна суіснавалі хрысціянства, іслам і іудаізм.

Значную частку экспазіцыі займае тэма Вялікай Айчыннай вайны, пры гэтым асноўная ўвага ўдзяляецца таму, што адбывалася ў горадзе і раёне падчас акупацыі нацысцкай Германіяй. З верасня 1941 г. да вызвалення 8 ліпеня 1944 г. Навагрудак быў цэнтрам гэбітскамісарыята ў складзе Генеральнага камісарыята Беларусь. Дзейнасць акупацыйнага рэжыма прадстаўлена ў раздзелах «Прымусовая праца ва ўмовах нацысцкай акупацыі», «Гісторыя і знішчэнне навагрудскай яўрэйскай абшчыны». Раздзелы «Супраціўленне», «Навагрудчане — удзельнікі баёў за Варшаву, Берлін і вайны з Японіяй», «Вызваленне Навагрудка» завяршаюць экспазіцыю.

exposition

exposition

Важным раздзелам з’яўляецца этнаграфія. Этнаграфічная калекцыя музея разнастайная. Яна ўключае розныя прадметы побыту, сярод якіх выдзяляецца калекцыя рушнікоў.

exposition

У экспазіцыі таксама прадстаўлены наваградскі строй. Ён мае свае адметныя рысы:

  • спалучэнне чырвонага і чорнага колераў у вышыўцы;
  • побач з традыцыйным для Беларусі геаметрычным арнаментам часта сустракаюцца розныя варыянты стылізаванай ружы.

exposition

Інтэр’ер сялянскай хаты пачатку ХХ ст., неад’емнымі элементамі якога з’яўляюцца руская печ, драўляная і плеценая з лазы самаробная мэбля, ганчарны посуд, прадстаўляе традыцыйнае вясковае жыллё. Кустарная ганчарная вытворчасць развівалася на Навагрудчыне ў вёсках Карнышы і Брацянка да сярэдзіны ХХ ст.

Выдатным дзеячам Навагрудчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё мастацтва, літаратуры, навукі, грамадскай думкі і еўрапейскай культуры, прысвечана асобная зала ў музеі. З Навагрудчыны родам першы беларускі мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі і першы фалькларыст Саламон Рысінскі.

Заснавальнік мастацкай фатаграфіі Ян Булгак нардзіўся ў в. Асташын Навагрудскага павета (зараз Карэліцкі раён). Ён зафіксаваў развіццё Навагрудка ў 1920-ыя гады, краявіды і сядзібы Навагрудскага павета, пакінуў энцыклапедычныя ўспаміны аб укладзе жыцця навагрудскай шляхты пачатку ХХ ст.

Іаахім Літавор Храптовіч, апошні канцлер Вялікага княства Літоўскага, першы міністр замежных спраў у гісторыі нашай дзяржавы, член Адукацыйнай камісіі – першага ў Еўропе міністэрства асветы, заснавальнік знакамітай бібліятэкі ў маёнтку Шчорсы, рэфарматар у галіне адукацыі і сельскай гаспадаркі, не толькі стварыў узорную гаспадарку, але і аказваў уплыў на развіццё грамадскай думкі, фарміраванне светаўспрымання Адама Міцкевіча і іншых дзеячаў таго часу.

Язэп Драздовіч, беларускі мастак родам з Віцебшчыны, працаваў выкладчыкам малявання ў Наваградскай беларускай гімназіі.

На сучасным этапе музей з’яўляецца пляцоўкай для ажыццяўлення розных праграм і праектаў, якія дазваляюць весці дыялог у грамадстве. Музейныя зборы — гэта не толькі скарбніца каштоўнасцей, якія з’яўляюцца асновай вывучэння гісторыі і культуры рэгіёна, яны служаць падставай для развіцця кантактаў і ўмацавання сувязі паміж пакаленнямі и культурамі.