Вынікі 2019

Вынікі 2019

Асноўныя падзеі 2019 г.

18.04.2019 г., у кінатэатры “Звязда” адбылася прэзентацыя кнігі Тамары Вяршыцкай: “Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку”. Кніга прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай Вайны на Навагрудчыне – трагедыі татальнага знішчэння яўрэйскага насельніцтва, яго гераічнае супраціўленне, што дазволіла выжыць вязням гета. Таксама прадстаўлены гісторыя ўцёкаў з гета праз пракапаны тунэль і дзейнасць яўрэйскага партызанскага атрада Тувіі Бельскага, іх пасляваенныя лёсы вязняў гета. На прэзентацыі прысутнічалі Яўген Андрэйчык - партызан атрада Бельскага і прадстаўнік выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі Юрый Наяровіч.

Выстава фотаздымкаў “Сава Сіўко-фатограф Любчанскага краю” 03-31.05.2019 г. (Музей)

03–31.05.2019 г., Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь правялі выставу “Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю.” На адкрыцці прысутнічалі куратар выставы Надзея Саўчанка, якая расказала пра адкрыццё фотаархіва, пра новыя знаходкі і планы. Пазнаёміцца з творчасцю свайго земляка прыйшлі жыхары Навагрудка і Любчы. На выставе была прадстаўлена творчая спадчына фатографа Савы Уладзіміравіча Сіўко (1888–1978) з вёскі Сенна, які працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 гадоў. Захавалася больш за тысячу шкляных негатываў. Прадстаўленыя матэрыялы з’яўляюцца ўнікальнай скарбніцай візуальнай інфармацыі пра паўсядзённае жыццё беларусаў у 1920-1950-ыя гг.

Сустрэча нашчадкаў партызан атрада Бельскага, урачыстае адкрыццё памятнага знака “Сцяна памяці” і выставы пад адкрытым небам “Гісторыя будаўніцтва тунэля і ўцёкаў у сведчаннях яго ўдзельнікаў” 08-09.07.2019 г. (Музей Яўрэйскага Супраціўлення)

08.07.2019 г., у Навагрудку, на тэрыторыі былога яўрэйскага гета, урачыста адкрылі Сцяну Памяці. Гэты помнік прысвечаны ўцёкам у верасні 1943 года, праз пракапаны тунэль, вязняў Навагрудскага гета. Побач размешчана выстава пад адкрытым небам пад назвай “Гісторыя будаўніцтва тунэля і ўцёкаў у сведчаннях яго ўдзельнікаў”. На адкрыцці "Сцяны памяці" прысутнічалі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў Велікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, кіраўніцтва Навагрудскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Федчанкам.

09.07.2019 г. у Налібаках (Стаўбцоўскі раён) была адкрыта памятная дошка на месцы лагера братоў Бельскіх. На адкрыцці прысутнічалі пасол Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Алон Шогам, старшыня сельскага Савета Аляксандр Пілінкевіч. Гэты дзень стаў таксама і днём сустрэчы шматлікіх нашчадкаў тых яўрэяў, якія здолелі выбрацца з навагрудскага гета. У Навагрудак прыехаў і адзіны жывы з братоў Бельскіх 93-гадовы Арон. Сярод гасцей былі Хэлен Кушнер-Зэліг (ЗША), сваячка зяця амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа Джарэда Кушнера. Яе маці Лея Кушнер разам з іншымі яўрэямі падчас вайны ўцякла з Навагрудскага гета праз тунэль, які выкапалі вязні, і больш за год пражыла ў лагеры Бельскіх.

У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі падведзены вынікі віктарыны, прысвечанай 75-годдзю Гродзенскай вобласці 20.09.2019 г. (Музей)

20.09.2019 г., у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі падведзены вынікі віктарыны, прысвечанай 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Удзел у віктарыне, якая ўключала 20 пытанняў, прынялі 17 вучняў. Большасць - вучні сельскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Самая вялікая колькасць удзельнікаў з Нягневіцкай сярэдняй школы. Пераможцы атрымалі заслужаныя граматы і падарункі, а ўсе ўдзельнікі — падзячныя пісьмы і памятныя сувеніры.

Дэфіле “Час праходзіць-мода застаецца” 05.10.2019 г. (Музей)

05.10.2019 г., у рамках 975-годдзя першай згадкі Навагрудка ў летапісных крыніцах, у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі прайшоў паказ навагрудскіх строяў “Час праходзіць - мода застаецца”. Акрамя жаночага і мужчынскага сялянскага адзення, якое сабрана і захоўваецца ў музеі, былі прадэманстраваны рэканструяваныя Навагрудскім цэнтрам рамёстваў старадаўнія беларускія касцюмы.