Запрашаем на аглядную экскурсію па музею!!!!

Экскурсія пачынаецца са знаёмства з гісторыяй узнікнення горада Навагрудка, матэрыяламі археалагічных раскопак на Малым замку і Замкавай гары. Развіццё і ўмацаванне паселішча на Замкавай гары, будаўніцтва каменных вежаў прадстаўлена макетамі Навагрудскага замка ХІ – ХІІІ стст. і ХІV – ХVІ стст. У экспазіцыі адлюстравана ўзвышэнне Навагрудка як першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, яго мужная абарона ў барацьбе з крыжакамі і набегамі татараў.
Шматканфесійны характар Навагрудчыны прасочваецца ў гісторыі праваслаўнай мітраполіі, старажытных праваслаўных храмаў, рукапісных кнігах, напрыклад Лаўрышаўскім Евангеллі, а таксама ў гісторыі мусульманскай супольнасці і яе традыцыйных занятках.
Значныя падзеі палітычнага і рэлігійнага жыцця, якія закранулі Навагрудчыну ў часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, адлюстраваны ў наступным зале: Люблінская ўнія 1569 г., Берасцейская царкоўная ўнія 1596 г., Паўночная вайна і разбурэнне Навагрудскага замка ў 1706 г., паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага 1863 г., вайна 1812 г.
Асобны зал прысвечаны выдатным асобам Навагрудчыны: Саламеі Русецкай, Фёдару Еўлашоўскаму, Яўхіму Карскаму, Язэпу Драздовічу, Уладзіславу Дыбоўскаму і інш., а таксама гісторыі шляхецкіх сядзібаў, медыцыне, адукацыі і культуры Навагрудчыны канца ХІХ – пачатку ХХ стст.
У зале этнаграфіі наведвальнікі знаёмяцца з інтэр’ерам сялянскай хаты, прадметамі хатняга побыту, заняткамі сялян – земляробства, рамёствы, выраб адзення, вышыўка, ткацтва. Тыповае народнае аддзенне – “Навагрудскі строй” – дэманструе густы модніц і моднікаў пачатку ХХ ст.
Супярэчлівае жыццё Навагрудка пад уладай Польшчы (1921-1939 гг.) як ваяводскага цэнтра, дзе адбываецца актыўнае будаўніцтва, дзейнічаюць гімназіі, працуюць знакамітыя асобы, напрыклад будучы сусветна вядомы вучоны Барыс Кіт, і дзе сяляне церпяць ад уціску польскіх уладаў, адбываюцца выступленні сялян, дзейнічае падпольная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, раскрываецца ў наступнай зале.
Апошнія залы музея апавядаюць аб трагічных старонках Вялікай Айчыннай вайны: “Навагрудскі кацёл” на пачатку вайны, акупацыйны рэжым, амаль поўнае знішчэнне Навагрудскай яўрэйскай абшчыны, прымусовая праца і вываз насельніцтва, растрэл 11 сясцер-назаратанак і інш.

469