Жывыя рамёствы ў музеі

Падчас агляднай экскурсіі па музею або тэматычнай экскурсіі па залах этнаграфіі вопытныя майстры пазнаёмяць вас з рознымі накірункамі традыцыйных рамёстваў Навагрудчыны: саломапляценнем, лазапляценнем, вышыўкай, пляценнем паясоў і выцінанкай-выбіванкай.
У 2014 г. традыцыі вырэзвання з паперы – Навагрудскай выцінанцы-выбіванцы быў прысвоены статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Гэта арыгінальная тэхніка “выбівання” малюнка на паперы пры дапамозе спецыяльных інструментаў: долата, расплюшчанага цвіка, трубачкі (пустой гільзы), вострай алюміневай трубкі.
Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі, а па краях выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або выгалкамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафрыраваных вырабаў.
Такімі папяровымі ўзорамі ўпрыгожвалі інтэр’еры жылля ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930-1950-я гг. Узоры, выкананыя ў такой тэхніцы, вырабляліся адзінкавымі майстрамі, аб якіх памятаюць аднавяскоўцы.
Адрадзіла гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Узоры яе творчасці і ўспаміны аб майстрысе беражліва захоўваюцца ў Навагрудскім Цэнтры рамёстваў. Сёння асноўным носьбітам традыцыі з’яўляецца яе вучаніца – дырэктар РЦР Клімко Наталля Аляксандраўна, якая перадае свае веды выбівання ажурных узораў на паперы падлеткам, моладзі і асобам старэйшага ўзросту.
Падчас дадзенай экскурсіі вы даведаецеся многа новага аб традыцыйным мастацтве Навагрудчыны і майстрах, убачыце вырабы мясцовых умельцаў, разам з майстрамі зможаце паспрабаваць сваімі рукамі стварыць уласны шэдэўр.

400