Падзеі 2018 г.

Асноўныя падзеі 2018 г.

Калядныя забавы для дзяцей. 12.01.2018 г., 16.01.2018 г. (Музей)

У час вясёлых калядных святаў наш музей гасцінна адчыніў дзверы для навучэнцаў школ горада.

Падчас мерапрыемстваў вучні даведаліся, як нашыя продкі рыхтаваліся да Каляд, як іх святкавалі. Хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай паштовак, прысвечаных Новаму году і Раству Хрыстову, распавялі, як яны самі віншавалі сваіх знаёмых і родных са святамі.

Акрамя таго, дзеці пабачылі, як упрыгожвалі ялінку 50 - 70 год таму назад. Супрацоўнікі музея ўпрыгожылі ялінку цацкамі, якія падаравалі музею Барыс Адамавіч Шагідзевіч і Ірына Анатольеўна Ходар.

Вельмі весела прайшла “варажба” – год абяцае быць вясёлым, шчодрым на добрыя адзнакі, падарожжы і падарункі. А ўжо як пагулялі у снежкі, Казу- Бадулю, павадзілі казла, то і навогул не хацелі разыходзіцца.

А пасля забаваў крыху папрацавалі, бо вучыліся рабіць прыгожыя навагоднія цацкі з лёну, традыцыйнага матэрыялу, які калісьці ўласнымі рукамі выраблялі нашы продкі.

“Трагедыя Халакосту на Навагрудчыне” да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста. 25.01.2018 г. (Музей)

У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі ўспаміналі аб даваенным жыцці яўрэйскай абшчыны Навагрудка, якое было незваротна перарвана Вялікай Айчыннай вайной і Халакостам. У масавых акцыях знішчэння загінулі каля 11 тыс. яўрэяў Навагрудка і ваколіц. Распавялі аб простых жыхарах Навагрудчыны: паляках, беларусах, якія не засталіся ў баку і, рызыкуючы сваім жыццё і жыццём сваёй сям’і, выратоўвалі яўрэяў. Прадэманстравалі ўнікальны экспанат – фотаздымак яўрэйскіх партызан з арыгінальным подпісам Арона Бельскага, малодшага з братоў Бельскіх

Сустрэча-рэквіем "Ён адляцеў да зор" у памяць Барыса Кіта. 03.02.2018 г. (Музей)

Успаміналі Барыса Кіта, які памёр 1 лютага 2018 г. на 108 годзе жыцця. Сусветнавядомы вучоны, вынаходнік ракетнага паліва і іншага абсталявання, якое зрабіла далёкія зоркі крыху бліжэйшымі да чалавека, выправіўся ў свой апошні шлях, шлях да зорак.

Літаратурна-музычная сустрэча з прадстаўнікамі Таварыства беларускай мовы Лідчыны. 04.02.2018 г. (Музей)

4 лютага 2018 г. у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылася літаратурна-музычная сустрэча, на якую да навагрудчан прыехалі госці з Ліды, сярод якіх - рэдактар газеты "Наша слова" і намеснік старшыні рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік, паэт і кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" Алесь Хітрун і лідскі бард Сяржук Чарняк. Госці расказалі аб літаратурнай і выдавецкай дзейнасці краязнаўцаў Лідчыны, прагучалі вершы ў выкананні аўтараў, паэтаў Станіслава Судніка і Алеся Хітруна. З асаблівай цеплынёй былі ўспрынятыя песні ў выкананні барда Сяржука Чарняка, напісаныя ім на словы беларускіх паэтаў.

Фінальнай часткай сустрэчы сталі песні на словы навагрудскай паэткі Святланы Абдулаевай і паэта са Шчучына Рычарда Бялячыца ў выкананні настаўніцы навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў, барда Наталлі Норык.
У выступленнях прыняў удзел прыхільнік беларускай мовы з Карэліч Аляксандр Абадзінскі. Ён прачытаў свой верш і выканаў песню.

Закончылася сустрэча агульным выкананнем песні "Колькі ў небе зор" на словы А.Шыдлоўскага. Песня "Простыя рэчы" на словы Міхала Анемпадыстава прагучала ў памяць пра выдатнага паэта і чалавека.

Удзельнікі сустрэчы таксама ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Барыса Кіта, знакамітага вучонага ў галіне астранаўтыкі, Ганаровага грамадзяніна Навагрудка.

Прэзентацыя турыстычнага даведніка “Маршруты па штэтлам. Падарожжа па забытым кантыненце”. 02.03.2018 г. (Музей)

У музеі прайшла прэзентацыя турыстычнага даведніка “Маршруты па штэтлам. Падарожжа па забытым кантыненце”, які расказвае аб яўрэйскай культурнай спадчыне ў 62 мястэчках на памежжы Польшчы, Украіны і Беларусі. Выданне з’яўляецца часткай праекта “Маршруты па штэтлам. Аб’екты яўрэйскай культурнай спадчыны ў транспамежным турызме”, які ажыццяўляўся пры сафінансаванні Еўрапейскага Саюза ў рамках Інструмента еўрапейскага суседства і партнёрства, Праграма транспамежнага супрацоўніцтва Польшча – Україна – Беларусь.

Кіналекторый "Навагрудак 1931 г." 25.03.2018 г. (Музей)

Падчас кіналекторыя навагрудчане пазнаёміліся з гісторыяй здымкаў фільма "Навагрудак 1931 г.", пабачылі асноўныя моманты жыцця даваеннага Навагрудка, архітэктурныя помнікі і параўналі з сучасным выглядам горада.

Адкрыццё выставы "Татары ў Войску Польскім". 24.04.2018 г. (Музей)

24 красавіка 2018 г. у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы “Татары ў Войску Польскім 1918-1939 гг.”, арганізаванай сумесна з Генеральным Консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродна.

На адкрыцці выставы прысутнічалі: Генеральны консул Рэспублікі Польшчы ў Гродна Яраслаў Ксёнжак з жонкай, дэлегацыя Генеральнага консульства, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько, імам Навагрудскай мячэці Якуб Александровіч, ксёндз Ян, мастацтвазнаўца Іанна Пухальская, прадстаўнікі Навагрудскай татарскай абшчыны, гісторыкі і супрацоўнікі ўстаноў культуры.

Выстава падрыхтавана Музеем Арміі ў Беластоку і распавядае аб гісторыі ўзнікнення татарскіх вайсковых фарміраванняў. Асноўныя матэрыялы выставы прысвечаны дзейнасці татар у Войску Польскім часоў ІІ Рэчы Паспалітай.