Вуліцы горада. Частка 3. Вуліца Савецкая

Вуліца Савецкая да вайны называлася Касцельнай, бо на ёй, яшчэ з ХVІІ стагоддзя стаяў касцёл і кляштар дамініканцаў. Касцёл захаваўся да нашага часу і ўпрыгожвае цэнтр горада, хоць былі ў гісторыі часы, калі ён знаходзіўся пад пагрозай знішчэння.
Яшчэ вуліца называлася Жыдоўскай, а потым Яўрэйскай. Зразумела, што нездарма. Яўрэі пасяліліся ў Навагрудку яшчэ ў ХV ст. Пазней для пражывання яўрэяў былі выдзелены спецыяльныя раёны і вуліца стала адным з асноўных месцаў іх жыхарства на працягу некалькіх стагоддзяў. З-за спрыяльных для яўрэйскай абшчыны абставін, іх колькасць у Навагрудку павялічвалася і перад Другой сусветнай вайной дасягнула 63% ад усяго гарадскога насельніцтва.
У пачатку ХХ ст. забудова Яўрэйскай вуліцы, у асноўным, складалася з невялічкіх драўляных домікаў, якія цесна туліліся адзін каля аднаго. Дамінуючымі аб’ектамі на вуліцы быў касцёл Св.Міхаіла і размешчаная за ім сінагога, якая з ХVII ст. была цэнтрам абшчыннага жыцця яўрэяў. Месца, на якім яна стаяла, называлася сінагагальнаю плошчаю. Побач з Вялікай мураванай сінагогай знаходзілася мноства маленькіх сінагог рамеснікаў, яўрэйскія школы і іншыя пабудовы, якія належалі абшчыне. Будынак сінагогі быў узарваны ў 1964 годзе. Зараз на гэтым месцы размешчана паркоўка.
З супрацьлеглага боку вуліцы выдзяляецца будынак 1950-х гг., у якім знаходзіцца Палац шлюбаў. У савецкі час у ім быў кінатэатр “Радзіма”. На вуліцы, двухпавярховая жылая забудова паступова пераходзіць у чатырох-пяціпавярховую, з так званымі “хрушчоўкамі” 1950-х - 1960-х гг. Яна ўзнікла на месцы разбуранай у гады вайны драўлянай забудовы.
На перакрыжаванні вуліц Савецкай і Камсамольскай у 2012 годзе быў закладзены сквер імя Уладзіміра Высоцкага і ўстаноўлены бюст знакамітага паэта, барда і акцёра. Уладзімір Высоцкі прыязджаў у Навагрудак летам 1969 года на здымкі фільма “Сыны ідуць у бой” (рэжысёр В.Тураў). Высоцкі напісаў да карціны некалькі песень і прыехаў, каб запісаць іх.
На рагу вуліц Савецкай і Ваўчэцкага знаходзяцца старыя хрысціянскі могілкі, якія датуюцца пачаткам ХІХ ст. На могілках пахавана шмат вядомых людзей, такіх як Ігнацый Аржахоўскі, урач, былы прыгонны графа Храптовіча, Пётр Пушкін - унук вядомага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Тут ёсць магілы Асташынскіх паўстанцаў, расстраляных у 1932 годзе, Зінаіды Маслоўскай, якая загінула ў 1942 годзе, пахаваны ўдзельнікі польскага руху супраціўлення і інш. Апошняя пахаванне датуецца 1961 годам. У 1996 годзе могілкі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На вуліцы Савецкай знаходзяцца вучэбныя і інтэрнацкія карпусы аграрнага каледжа, аб’екты грамадскага харчавання і гандлю: рэстаран “Свіцязь” і кафэ “Маладзёжнае”, магазін “Мара”, “Еўраопт”, “Дружба”, адно з буйнейшых прадпрыемстваў Навагрудка – швейная фабрыка “Белкрэда”, якая выпускае мужчынскія касцюмы.
Завяршаецца вуліца нядаўна пабудаванымі аб’ектамі прыватнага гандлю і рэканструяванымі аб’ектамі харчовай вытворчасці.

1134