Страчаная спадчына Навагрудчыны. Частка 6. Іранская фаянсавая чаша

У рамках праекта “Страчаная Спадчына”, сёння мы раскажам Вам пра адзін унікальны артэфакт, Іранскую фаянсавую чашу, якая была знойдзена пры археалагічных даследаваннях Навагрудка.

Навагрудак – адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі, які ўжо ў ХІІ ст. быў развітым эканамічным і культурным цэнтрам. Гандлёвыя сувязі з Кіеўскай зямлёй, Прычарнамор’ем, Візантыяй і Блізкім Усходам, Іранам і Сярэдняй Азіяй, Прыбалтыкай і Скандынавіяй, краінамі Еўропы вызначалі ўзровень яго развіцця.

Падчас археалагічных раскопак у Навагрудку было знойдзена мноства вырабаў з жалеза, каляровых металаў, золата, керамічнага посуду не толькі мясцовай вытворчасці, але і імпартных тавараў.

Унікальнай часткай калекцыі імпартных вырабаў з’яўляецца Візантыйскі і Іранскі посуд. Пасудзіны візантыйскага паходжання (кубкі, флаконы, чашы, вазы) былі зроблены з высокаякаснага шкла, мастацка распісанага золатам і рознакаляровымі эмалямі. Сярод знаходак усходняга імпарту - навагрудская калекцыя іранскай фаянсавай керамікі з люстраным роспісам, выкананым кобальтам і марганцам пад бясколернай палівай. Люстраны роспіс з’яўляецца вынікам узноўленага абпалу, у склад якога ўваходзілі медзь, срэбра і нават золата. Фаянсавы посуд з люстраным роспісам – вяршыня росквіту іранскай керамікі. Навагрудская калекцыі фаянсавага посуду мае ўнікальнае значэнне яшчэ і таму, што падобная кераміка з’яўляецца вельмі рэдкай знаходкай у старажытнарускіх гарадах.

Іранская чаша была знойдзена падчас археалагічных раскопак Ф.Д. Гурэвіч у 1971 годзе на тэрыторыі Малого замка. Чаша знаходзіцца на захоўванні ў фондах Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу разам з іншымі прадметамі з калекцыі навагрудскага фаянсу. У 1992 годзе Інстытут перадаў нашаму музею, спачатку на дэпазіт, а пазней і на пастаяннае захоўванне, толькі невялікую частку навагрудскай археалагічнай калекцыі. Фаянсавая чаша засталася ў Санкт-Пецярбургу. Спадзяемся, што калі-небудзь яна вернецца на месца свайго бытавання.

Калі вы жадаеце пазнаёміцца са старажытнай гісторыяй Навагрудка і ўбачыць, як выглядае ўнікальны іранскі фаянс, запрашаем наведаць экспазіцыю нашага музея. Чакаем усіх зацікаўленых!

1061