Вуліцы горада. Частка 4. Вуліца Паштовая

Паважаныя сябры! Мы працягваем наш праект “Вуліцы горада”. Сёння мы раскажам пра адну з самых старажытных вуліц горада – Паштовую.

З-за асаблівасці рэльефа Навагрудка ў горадзе гістарычна склалася радыяльна-кальцавая забудова вуліц. Да гарадскога цэнтра сыходзіцца 8 вуліц, а з паўночнага боку да яго прымыкае вуліца Паштовая. Пра яе і пойдзе сёння гаворка.

Вуліца Паштовая (у п.п. ХІХ і ў сяр. ХХ стст. – Базыльянская, у другой палове ХІХ ст. – Царкоўная) – гэта гістарычная жылая забудова канца ХІХ пач. ХХ стст. з элементамі позняга класіцызму, псеўдабарока і эклектыкі, якая ў сваёй сукупнасці мае мастацкую каштоўнасць і падлягае дзяржаўнай ахове як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Нездарма вялікая колькасць будынкаў на ёй маюць ахоўныя дошкі. Вуліца з’яўляецца самай старажытнай у Навагрудку. Яна размешчана на месцы аднаго з трох асноўных узвышшаў, заселеных яшчэ ў Х-ХІ стст. У ХІІ ст. тут ўжо дзейнічала царква Барыса і Глеба, аб чым сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак, падчас якіх знойдзены некрануты кавалак старажытнай падлогі ХІІ стагоддзя, зроблены з паліваных керамічных плітак. Барысаглебская царква ва ўсе гістарычныя часы была духоўна-рэлігійным і асветніцкім цэнтрам. Тут знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта, рэзідэнцыя уніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай, дзейнічалі жаночы і мужчынскі кляштары базыльянскага ордэна. З сярэдзіны ХІХ ст. галоўнай святыняй царквы была цудатворная ікона Маці Божая Навагрудская (Замкавая).

Вуліца атрымала сваю назву ў 1946 годзе, бо на ёй да 1990-х гадоў знаходзілася пошта. Былое ваяводскае паштовае ведамства, двухпавярховы будынак на высокім цокалі, было пабудавана ў 1920-1930-ыя гг. Нядаўна на вуліцы, у будынку былой друкарні, быў адкрыты гатэль “Гражына”. Да вайны дом належаў яўрэйскай сям’і, затым быў нацыяналізаваны і з 1939 года ў ім размяшчаліся друкарні навагрудскіх газет “Звязда”, а затым “Новае жыццё”. Друкарні належаў таксама суседні дом пад нумарам 7. Акрамя гэтага на вуліцы захавалася яшчэ некалькі невялікіх домікаў, якія да вайны належалі яўрэйскім рамеснікам і гандлярам. Вуліца Паштовая была брукаванаю, на вялікі жаль, старое пакрыццё да нашага часу не захавалася.

Па працягласці, вуліца Паштовая з’яўляецца самай кароткай у горадзе. Яе ўмоўна можна назваць пешаходнай, бо тут няма гарадскога транспарту, і звычайнай для горада мітусні. І толькі зрэдку на ёй убачыш прыпаркаваныя да тратуара аўто, ды насельнікаў вуліцы, якія нетаропка гаспадараць на надворках пафарбаваных у розныя колеры дамоў.

Паштовая вуліца з’яўляецца адной з самых прывабных вуліц для турыстаў. Тут заўсёды можна ўбачыць невялікія групы падарожнікаў, якіх зачароўвае ўтульнасць, асаблівая цішыня і адмысловая атмасфера, што пануе тут і дарога, якая вядзе да старажытнага храма…

1038