Найбольш цікавыя музейныя прадметы. Частка 7. Траяк Станіслава Аўгуста Панятоўскага

Не так даўно да нас у музей звярнуўся мясцовы жыхар, каб дазнацца трохі пра артэфакт, які ён знайшоў у сваім агародзе. Як аказалася, наваградцы і сёння знаходзяць у сябе на падворках і агародах рэчы 18-19 ст.ст. У нашым выпадку гэта аказалася манета з выявай Станіслава Аўгуста. Дакладна такая самая манета прадстаўлена і ў экспазіцыі нашага музею.

А зараз трошкі пра саму манету. Манеты Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764–1795) – манеты Рэчы Паспалітай, адчаканеныя падчас кіравання апошняга польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Траякі чаканіліся згодна наступным датам: 1765, 1766, 1774, 1787, 1792, 1793.

Тры грошы (ням. Dutchen, Dreigroscher; польск. Potrojny, trojak; патройны, траяк), манета наміналам у тры грошы, якую выпускалі Польшча, Усходняя Прусія (тэрыторыя, якая належала польскаму каралю), вольныя гарады Польшчы, ВКЛ, РП, Курляндыя, Сілезія, Трансільванія, і г.д.

Легенда:

  • Аверс: STANISLAUS AUG D.G. REX POL M D L
  • Рэверс: пад вянком знаходзіцца чатырохпольны герб, ніжэй вялікая літара ў залежнасці ад месца чаканкі (да прыкладу можна сустрэць літару G, што значыла - Кракаў, EB - Варшава). Увесь акружаны вянком з лісця. Уздоўж аправы: GROSSVS POLON TRIPLEX і год чаканкі.

Сябры, а якія цікавыя рэчы знаходзілі Вы?

241