1 верасня 1939 года - пачатак Другой сусветнай вайны

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна ў выніку нападу Германіі на Польшчу. А як вядома, Заходняя Беларусь, у склад якой уваходзіў Наваградак, з 1921 да 1939 года ўваходзіла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. І таму вайна пачалася для навагрудчан менавіта ў 1939 годзе.

Да пачатку вайны ў Наваградку «жылі, няспяшна, сытна, спакойна і патрыярхальна». Тут была мясцовая адміністрацыя, пошта, аптэка, крамы. «Домікі, чыста выбеленыя, з двума вокнамі на вуліцу, з драўляным ганкам у двары, часта ўпрыгожаным двума тоўстымі калонамі перад уваходнымі дзвярыма[...]» Брукаваныя вулачкі. «Па баках – тратуары, вузкія і часта драўляныя, у тры дошкі [...] Гэтая жыццёвая самавітасць гандлёвага гораду цалкам сумяшчаецца, як ні дзіўна, з [..]. руінамі старога замка. Ён узвышаецца над горадам, на гары, зарослай кустоўем і крапівой, але здаецца сваім і блізкім, які добразычліва назірае за людской мітуснёй».*

«Над стрэхамі дамоў высяцца купалы праваслаўнага сабора, тут жа касцёл, сінагога і нават добрая бібліятэка. На галоўнай плошчы любімы [...] моладдзю рэстаран, знакаміты ў акрузе сваёй кулінарыяй, закускамі і напоямі».*

Вайна змяніла такі звыклы ўклад жыцця. Горад быў перапоўнены бежанцамі…

Пачалася мабілізацыя. Урад Польшчы і камандаванне ўзброеных сіл спрабавалі арганізаваць супраціўленне Германіі. Разам з ураджэнцамі непасрэдна Польшчы ў абароне краіны прынялі ўдзел каля 70 тысяч вайскоўцаў з Заходняй Беларусі. Многія жыхары Навагрудчыны ў складзе Войска Польскага ў першыя дні вайны таксама ўступілі ў бітву з захопнікамі. Некаторыя загінулі, частка папала ў палон і была вывезена ў Германію, і толькі нямногім удалося вярнуцца дамоў.

Пастановай прэзідэнта Рэспублікі Польшча ад 9 траўня 1990 года і 7 кастрычніка 1991 года 59 ветэранаў Другой сусветнай вайны – ураджэнцы Навагрудчыны ўзнагароджаны медалём «За ўдзел у абарончай вайне 1939 года». Сярод іх 16 чалавек з Наваградка і 43 чалавекі з вёсак Навагрудчыны.

*паводле ўспамінаў графіні В.Храптовіч-Буцянёвай, "Злом".

178