Гісторыя архітэктурных помнікаў Навагрудчыны. Частка 3. Гара Міндоўга

Наваградак - гэта ўзвышшы. З якога б боку вы не ўязжалі ў горад, дык заўсёды трэба падымацца ўгору. Так, па вуліцы Менскай (раней Траецкая), калі ісці ўгору ў кірунку плошчы, з правага боку ўзвышаецца “гара”, што завецца Міндоўгавай. Пра гэта сведчыць памятны знак, устаноўлены ў падножжы гары.

Як лічаць некаторыя даследчыкі, пахаванні тут рабіліся яшчэ ў паганскія часы. Паданне ж кажа, што ў 13 стагоддзі тут быў пахаваны заснавальнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг. Гэта паданне ўзгадваецца ў першай манаграфіі пра Наваградак, выдадзенай па-лацінску ў Львове ў 1795 годзе. І вось, паводле падання, Міндоўг незадоўга да сваёй смерці адмаўляецца ад каталіцтва. Таму, яго хаваюць па паганскаму абраду - над пахавальнай ямай насыпалі курган. Мясцовая легенда ж удакладняе: на Гары Міндоўга пахаваны Кароль Літовіі разам са сваім каралеўскім тронам, зробленым з чыстага золата.

Паводле іншай версіі, гара атрымала такую назву таму, што на самой гары (альбо вакол яе) адбылася каранацыя Міндоўга, які прыняў ад Папы Рымскага карону і тытул Караля Літовіі - першага і адзінага караля ВКЛ.

Прыкладна з канца 17 стагоддзя на Гары Міндоўга размяшчаліся агульнагарадскія хрысціянскія могілкі. Перасталі гэтыя могілкі выкарыстоўвацца для пахаванняў з пачатку 1920-х гадоў. Захаваліся некаторыя надмагільныя пліты. Найстарэйшы на сённяўні дзень надмагільны помнік на Гары Міндоўга датуецца 1820 годам.

1165