8 жніўня 1780 г. пайшоў з жыцця Тадэвуш Рэйтан

8 жніўня 1780 г. – у сваім маёнтку Грушаўка скончыў жыццё самагубствам Тадэвуш Рэйтан, палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Імя Тадэвуша Рэйтана, славутага сына Наваградчыны, звязана са змрочнымі падзеямі ў гісторыі Беларусі - I-ым падзелам Рэчы Паспалітай. Рэйтан, будучы дэпутатам ад Наваградскага ваяводства, разам з паплечнікамі ў 1773 годзе чатыры дні зрываў “падзельны” сойм Рэчы Паспалітай і да апошняга змагаўся за незалежнасць сваёй краіны.

На сойме, які адбыўся 19 красавіка 1773 года Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак выступілі галоўнымі абаронцамі цэласнасці дзяржавы і праціўнікамі падзелу яе тэрыторыі. Да самага канца наваградскія дэпутаты заставаліся непадкупнымі і непахіснымі ў сваіх перакананнях.

Адзін... два... тры дэпутаты (а менавіта столькі дэпутатаў не пакідалі залі, дзе засядаў сойм) не змаглі змяніць ход падзеяў і выратаваць колісь магутную і самую вялікую краіну Еўропы. Пасля гэтых ганебных падзей Тадэвуш Рэйтан вярнуўся ў свой маёнтак у Грушаўцы і больш не прымаў удзел у палітычным жыцці краіны. Там жа, у Грушаўцы, 8 жніўня 1780 года, ва ўзросце 38 год ён скончыў свой зямны шлях.

Тадэвуш Рэйтан - гэта прыклад патрыятызму і самаадданасці. Ён быў сімвалам маральнага некампрамісу і нязломным героем сваёй эпохі, яго прынцыповасць выклікала павагу. На ягоных словах «Пабойцеся Бога! Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!» вырасла не адно пакаленне. Наступныя пакаленні бралі з яго прыклад і прысвячалі ягонай асобе шматлікія мастацкія творы, у тым ліку творы Генрыха Жавускага, усім вядомая карціна Яна Матэйкі “Рэйтан” (1864-1866), нарыс Юльяна Урсына Нямцэвіча “Жыццё Тадэвуша Рэйтана” (1818). Уславіў свайго земляка і Адам Міцкевіч у паэме “Пан Тадэвуш”.

753