Архітэктурныя помнікі. Царква Пятра і Паўла ў Валеўцы

Петрапалаўская царква, што ў Валеўцы, – адзін з самых старажытных храмаў не толькі на Навагрудчыне, але і на беларускіх землях. Храм быў пабудаваны ў 1685 г. як Троіцкі касцёл і кляштар дамініканцаў. Фундатарам касцёлу быў Стэфан Курча – брэсцкі ваявода, які ў гэты час валодаў мястэчкам Валеўка. Першапачаткова храм меў рысы стылю барока.

У 1832 годзе дамініканскі кляштар быў скасаваны, а яшчэ праз пяць год касцёл Св.Троіцы быў перададзены праваслаўным і асвенчаны ў гонар Пятра і Паўла. Мястэчкам тады валодалі Незабытоўскія. У 1870 годзе храм быў часткова перабудаваны, з таго часу царква істотна не мяняла свайго аблічча. Толькі ў 1934 г. была пабудавана трох’ярусная званіца. У храме зараз знаходзіцца некалькі старадаўніх ікон, а двух’ярусны іканастас аздоблены разьбой з пазалотай. Уладзімір Караткевіч пісаў, што тут былі іконы працы вядомага рускага мастака Віктара Васняцова.

751