Ваколіцы Навагрудка. Перуноў мост

На Наваградчыне ёсць вёска Ацмінава, каля якой цячэ невялікая, але вельмі прыгожая рачулка з незвычайнай назвай – Асоцкая. Мост праз рачулку мясцовае насельніцтва заве Перуноў мост. Ёсць амаль казачнае тлумачэнне гэтай назвы. Звычайна праз рачулку пракладвалі драўляную кладку, але, як правіла, доўга яна не служыла. І вось вырашылі людзі збудаваць праз раку сапраўдны мост. Узяліся ўсёй талакой і зрабілі справу – навялі мост. Толькі прастаяў ён нядоўга, усяго з месяц, бо аднойчы ноччу, у навальніцу, раптам загарэўся ад удару маланкі. Праз год на тым месцы збудавалі другі мост. Ды толькі з ім здарылася тое самае – падпаліў Пярун. Але ж вельмі патрэбна была тут дарога, і праз некаторы час праз рэчку навялі трэці мост. На ім Пярун скончыў выпрабоўваць цярпенне людзей – больш не падпальваў. А мост і зараз людзі завуць Перуновым.

624