Цікавы музейны прадмет. Алебарда

З чым у вас асацыюецца Швейцарыя? Калі з гадзіннікамі, сырам і банкамі, то мы з вамі падобныя. Аднак так было далёка не заўжды.

У сярэднявеччы і ў эпоху рэнесансу ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў Швейцарыя была тым самым гопнікам з лесвічнай клеткі, які псаваў жыццё ўсім, да каго толькі мог дацягнуцца.

Як жа так? Вельмі проста, скажу я вам! Народу ў Швейцарыі тады жыло дастаткова шмат, гарыстая мясцовасць не вельмі падыходзіла для вырошчвання якой-небудзь пшаніцы ці рэпы, а есці хацелася ўсім, таму практычна ўсё насельніцтва ішло ў найміты або займалася разбоем. Прычым гэта былі не закаваныя ў даспех прафесійныя рыцары, а звычайныя абшчыннікі, якіх бралі ў паход у прымусовым парадку, а ў адваротным выпадку спальвалі хату і выганялі на мароз. Зрабіць са швіцамі ніхто нічога не мог, таму што пасля рабавання яны вярталіся ў свае горы і паспрабуй іх там дастаць.

Аднак ужо тады швейцарцы любілі сумяшчаць шмат рэчаў у адну, і калі зараз гэта нажы з функцыяналам, які дазваляе адрамантаваць любы выраб АўтаВАЗа, то ў тыя стагоддзі яны прыдумалі шмат функцыянальную адкрывалку рыцараў – алебарду. Хаця алебарда з'явілася яшчэ ў XIII ст., распаўсюдзілася яна ў эпоху рэнесансу стараннямі менавіта швіцаў, кнехтаў і ангельцаў.

Продкам алебарды была звычайная сялянская сякера на доўгім дрэўцы, накшталт бродэкса вікінгаў, аднак швейцарцы здагадаліся, што калі прыкляпаць да сякеры крук і піку, то данесці сваю пазіцыю заезджаму швабу стане куды прасцей. Да таго ж скляпаць алебарду мог любы вясковы каваль, ды і вучыцца фехтаванню патрэбы няма: пікай калі, сякерай сячы, паўтарай да неабходнага выніку.

Такія не спартыўныя паводзіны і зусім не гуманнае знішчэнне папуляцыі chevalie вядома выклікалі ўсеагульнае абурэнне і заклапочанасць, але эфектыўнасць алебарды была ацэнена па заслугах і яна заняла сваё ганаровае месца ў ваеннай гісторыі.

617